НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.

Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн. кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.

А.А.Ярашэвіч.

Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)